ЭТНАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, на якіх адлюстроўваюцца месцазнаходжанне і рассяленне народаў у мінулыя часы (этнічныя карты), асаблівасці іх матэрыяльнай і духоўнай культуры (уласна Э. к.). Найб. пашыраны этн. карты, якія адлюстроўваюць класіфікацыю народаў паводле моўнага прынцыпу, карты і атласы этнагр. характарыстык традыц. культуры, лінгвістычныя карты і атласы. Да Э.к. адносяць таксама карты расавай прыналежнасці і антрапал. асаблівасцей насельніцтва.

Першыя спец. этнагр. атласы са звесткамі пра этн. склад, веравызнанне, размяшчэнне насельніцтва на тэр. Беларусі былі выдадзены ў 1863 Р.​Ф.​Эркертам «Этнаграфічны атлас заходнярускіх губерняў і суседніх абласцей» і ў 1864 А.​Ф.​Рыціхам «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю па веравызнаннях». Карты Рыціха (1875), Я.​Ф.​Карскага (1903), М.​В.​Доўнар-Запольскага (1919) акрэслівалі этн. тэрыторыі беларусаў на падставе этнакульт. і гутарковых (дыялектных) асаблівасцей. Пры складанні «Нацыянальнага атласа Беларусі» (2002) створаны Э.к. — «Размяшчэнне і нац. склад насельніцтва» (маштаб 1:2 500 000), «Размеркаванне насельніцтва па гутарковай мове» (маштаб 1:3 000 000), «Размеркаванне насельніцтва па роднай мове» (маштаб 1:6 000 000), «Рассяленне беларусаў у 1897—1989 гг.» (маштаб 1:6 000 000), «Структура канфесіянальных абшчын» (маштаб 1:2 000 000) і інш. Гл. таксама Этнагеаграфія, Этнаграфія, Этнічная група.

Літ.:

Нацыявальны атлас Беларусі. Мн., 2002;

Атлас БССР. Мн.: М., 1958.

т. 18, кн. 1, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)